архітэктурны комплекс канца 18 — сярэдзіны 19 ст. ў Магілёве. Духоўная семінарыя засн. архіепіскапам Г.Каніскім, пры ім распачата буд-ваасн. вучэбнага корпуса (узведзены ў 1780—85, праект арх. М.Львова; не захаваўся) і дома-інтэрната (пабудаваны да 1795). Уваходзіў у ансамбль Магілёўскага Спаскага манастыра. Вучэбны корпус — мураваны 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. На 1-м паверсе знаходзілася б-ка, на 2-м — зала для сходаў («круглая зала»), дэкарыраваная пілястрамі іанічнага ордэра. Гал. фасад вылучаў порцік дарычнага ордэра, завершаны франтонам, з трыма прамавугольнымі нішамі. Насупраць вучэбнага корпуса стаяў 2-павярховы дом-інтэрнат для настаўнікаў і казённых выхаванцаў. Уяўляў сабой тып багатага гар. дома: асіметрычнае аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, спалучэнне мураванага масіўнага каркаса з сістэмай драўляных галерэй, высокі дах. З 1797 буд-ва семінарыі працягваў архіепіскап А.Братаноўскі. Да канца 1820-х г. будынкі семінарыі аб’яднаны ў асобны комплекс. Паводле архіўных чарцяжоў губ.арх. Заржэўскага, комплекс быў аддзелены ад Спаскага манастыра і архірэйскага двара садам і службовымі пабудовамі. На чарцяжы нанесены 2 невял. карпусы новага тыпу гар. забудовы. Адзін з іх драўляны П-падобны ў стылі ранняга ампіру, у ім знаходзіліся бальніца з лазняй і свіран. Да пач. 1860-х г. склалася новая забудова комплексу семінарыі. Ён уключаў 2 новыя 2-павярховыя мураваныя жылыя флігелі для настаўнікаў і выхаванцаў, б. дом купца Кітаева (набыты для семінарыі) — невял. кампактны 2-павярховы будынак з высокім цокальным паверхам, дзе размяшчаўся семінарскі архіў; з боку гал. фасада знаходзілася галерэя — уваход у пакоі 2-га паверха, дзе былі кватэра аканома і кладоўка. Паводле плана 1853 праведзена рэканструкцыя ансамбля семінарыі, які набыў замкнёную кампазіцыю. Цэнтрам яго па-ранейшаму заставаўся вучэбны корпус, перад ім сфарміравалася трапецападобная плошча. Фарміраванне фронту забудовы завяршылася пабудовай уязной брамы.
В.Ф.Марозаў, І.М.Слюнькова.
Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі. Дом для рэктара і прэфекта. Чарцёж.